ФІЛАСО́ФІЯ ПАЧУЦЦЯ́ І ВЕ́РЫ (ням. Glaubens-philosophie),

ірацыяналістычны кірунак у нямецкай філасофіі 2-й пал. 18 ст. Склалася як рэліг.-філас. абгрунтаванне духоўнай атмасферы Германіі 1770-х г. з яе псіхалагізмам, культам пачуцця, суб’ектывізмам; супрацьстаяла асветніцкаму рацыяналізму. Рацыянальнаму апасродкаванаму пазнанню проціпастаўляла ідэю «непасрэдных ведаў». Яе прадстаўнікі (Ф.Г.Якобі, І.Г.Гаман і інш.) зыходзілі з таго, што рэальнае існаванне рэчаў даецца чалавеку непасрэдна ў яго пачуццях і веры пераважна інтуітыўна; сцвярджалі, што шляхам рацыянальнага мыслення немагчыма ўсвядоміць сутнасць чалавечай асобы, а пазнаецца яна толькі шляхам «веры», «адкрыцця», «пачуццяў». Зместам веры яны лічылі і рэальнасць пачуццёвага зместу зямных рэчаў, і рэальнасць абсалютнага і вечнага. Гэтыя ідэі паўплывалі на развіццё інтуітывізму 19—20 ст., які ў інтуіцыі бачыў дастатковы сродак для атрымання сапраўдных ведаў, экзістэнцыялізму і філасофіі жыцця. Але большасць прыхільнікаў непасрэднага інтуітыўнага пазнання (М.​А.​Лоскі, С.​Л.​Франк, Я.​М.​Трубяцкой) імкнулася да спалучэння інтуіцыі і інтэлектуальнага пазнання. Гл. таксама Ірацыяналізм.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 16, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)